«Ты ніякі не Гудзіні — хто тройчы вырваўся з турмы». Мінулым разам культавая пісьменніца Светлана Курс растлумачыла на KYKY «пра што маўчаць беларусы». Зараз жа яна разважае аб тым, як усім нам вырвацца з палону ў сваёй галаве: навучыцца глядзець фактам у твар і не страціць веру.
Як выжываць у цяжкія часы?
Сама я нізавошта не чытала б тэксту пад такой назвай, бо ідэя выжываньня здаецца мне абуральна вузкай — чалавек хоча жыць поўным жыцьцём, настолькі, наколькі дазваляюць унутраныя і зьнешнія абставіны. Але часам гэтыя абставіны звужаюцца так, што апынаешся ў поўнай няволі, у цеснай скрыні, скаваны па руках і нагах і залежны ад злой волі. А ты ніякі не Гары Гудзіні — той, хто тройчы вырваўся з расійскай турмы.
Гудзіні нарадзіўся Эрыкам Вайсам, сынам рабіна з Будапешту. Ягоныя шматдзетныя бацькі (сямёра дзяцей) хутка змікіцілі, што каб даць дзецям будучыню і шанец, трэба эміграваць. Так чатырохгадовы Эры першы раз у жыцці вырваўся на свабоду. Яму гэты трук удаваўся мноства разоў. Ілюзіяністам ён стаў да 10 год, і хутка набыў сусветную славу, зарабляючы ў два разы болей, чым амэрыканскі прэзыдэнт.
У 1903-м яго скінулі з маста ў Тэмзу, закаванага ў ланцугі з 30 кілаграмовай гіраю. Праз некалькі хвілін ён усплыў, пераможна матляючы кайданамі над сваёй шалёнай галавой. Улетку 1903-га ў Маскве ён выбраўся з арыштанцкай карэты — царскага правобразу чэкісцкага «чорнага варанка». У 1908-м, падчас паўторных гастроляў у Расіі, ён два разы вызваляўся з камэры смяротнікаў у Бутырскім астрогу і Петрапаўлаўскай крэпасці. Як? Сакрэт Эры зьнёс з сабой у магілу. У яго было шмат сакрэтаў.
Рэцэпт Гары Гудзіні на выжываньне — гэта ўцёкі, уніканне, эскапізм, жарснае жаданне ўсплыць, прарвацца любой цаной, вера ў сябе, інстынкт свабоды. «Ніякая турма не можа ўтрымаць мяне; ніякія ручныя ці нажныя грузы ці сталёвыя замкі не могуць скаваць мяне. Ніякія вяроўкі ці ланцугі не могуць утрымаць мяне ад маёй свабоды. Мая галоўная задача — перамагчы страх. Публіка бачыць толькі вострыя адчуванні ад дасканалага трука; у іх няма ўяўлення аб пакутлівым папярэднім саманавучанні, якое было неабходнае, каб перамагчы страх», — пісаў ён. Гэта тое, што мармытаў сам сабе мінскі шляхціц Уладзіслаў, сын Феліцыяна, Хадасевіч:
Перешагни, перескочи,
Перелети, пере- что хочешь —
Но вырвись: камнем из пращи,
Звездой, сорвавшейся в ночи…».
Уцёкі, парыў, узьлёт — адно з самых высакародных паімкненняў чалавечай душы. Але, як вядома, уцячы ўдаецца ня кожнаму. Што рабіць у такім разе?
Выжыванне ў канцлагеры
Найважнейшы адказ на гэтае пытанне дае Віктар Франкл, аўтар кнігі XX і, баюся, ХХІ стагоддзя «Скажы жыццю так! Псіхолаг у канцлагеры». Ён страціў усю сям'ю і прайшоў праз некалькі канцлагероў падчас Другой Сусветнай вайны. Чытаць гэтую кнігу варта менавіта цяпер, бо мы перажываем найвялікшае цывілізацыйнае і асабістае расчараванне: пасля перамогі над нямецкім нацызмам свет не вынес ніякіх урокаў. Зноў з'явіліся канцлагеры, катавальныя падвалы і турмы, масавыя забойствы, генацыд, гекатомбы. Зноў нацызм — гэтым часам рускі — вырваўся на волю і дэманструе глум, перамогу і перавагу зла. Дзе ж ва ўмовах такога страшнага расчаравання і такой няволі знайсці сілы выжываць? Віктар Франкл, у якога забралі ўсё, дзеля чаго чалавек жыве, прадэманстраваў магутную волю да жыцця — бо ён хацеў дашукацца ягонага сэнсу. Яшчэ да канцлагероў Франкл пісаў, што імкненне да надання свайму жыццю сэнсу — галоўны рухавік паводзінаў і развіцця асобы.
Фракл апісвае тры фазы жыцця ў канцлагеры. Першая — шок прыбыцця. Твае канваіры і каты абдзяруць цябе з усяго, што табе было дорага. Памятныя рэчы, кнігі, талісман, дзёньнікі. Нават татуіроўкі перабіць прымусяць. У цябе не будзе твае прычоскі і вопраткі, не будзе інтымнасці. На гэтай фазе чалавек падводзіць рысу пад сваім папярэднім жыццём і разумее, што ў яго нічога няма, апрача ягонага смешнага, нетрывушчага цела — і душы ў ім. Ілюзіі і надзеі ападаюць як лістота. Застаецца чорны гумар, цікаўнасць (як гэта будзе, калі мяне вывядуць на мароз і абальюць халоднай вадою?) і вера ў самагубства як уцёкі.
Потым наступае другая фаза — унутранае атупенне і апатыя. Гэта заслона, якой душа стараецца абараніцца ад калецтва. Чалавек вяртаецца да прымітыўных формаў душэўнага жыцця. Гэта тым больш неабходна, што ў цябе няма ведання — калі гэта скончыцца і ці скончыцца ўвогуле.
Лацінскае слова «finis» мае два значэньні: канец і мэта. Чалавек раптам аказваецца ў сітуацыі, калі канца няма, мэты няма, і ён не мае да чаго кіраваць жыццё.
І тут прыходзіць трэцяя фаза — развілка: ападленне альбо узнясенне. Будзем гаварыць толькі пра ўзнясенне. Лагерныя выпрабаванні робяцца траплінам да вяршыняў душэўнай стойкасці. Чалавек, які канае ад голаду, дзеліцца крошкаю хлеба са слабейшым.
Віктар Франкл падбіраецца да высновы, што ісціна і сэнс — толькі любоў. Ён успамінае сваю жонку (якой можа і жывой болей няма) і разумее: чым менш любоў засяроджаная на цялеснай абалонцы, тым глыбей яна пранікае ў сутнасць чалавека: «Пакладзі мяне, як пячатку, на сэрца тваё… бо моцная, як смерць, любоў» (Песня песняў 8:6). Чуллівыя людзі выжывалі ў лагеры часцей, бо захоўвалі большую прастору для ўнутранага жыцця. Гэта не давала сыстэме вылепіць з іх тыповага лагерніка: «Ты памры сёньня, а я заўтра».
Франкл піша: «Жанчына ведала, што ёй трэба памерці ў бліжэйшыя дні. Але, нягледзячы на гэта, яна захоўвала душэўную бадзёрасць. «Я ўдзячная лёсу за тое, што ён абышоўся са мной так сурова, таму што ў ранейшым сваім жыцці я была занадта распешчаная, а духоўныя мае пошукі не былі сур'ёзныя. Гэтае дрэва — мой адзіны сябар у маёй адзіноце. Яно мне сказала — я тут, я тут, я — тут, я — жыццё, вечнае жыццё», — прашаптала яна, паказваючы на акно барака. Там быў каштан, ён якраз зацвіў, і, нахіліўшыся да нараў хворай, можна было разгледзець праз маленькае вакенца адну зялёную галінку з двума суквеццямі-свечкамі. Пасля таго, як нам адкрыўся сэнс пакутаў, «мы перасталі прымяншаць, прыхарошваць, выцясняць і хаваць іх ад сябе, напрыклад, шляхам таннага, дакучлівага аптымізму». І тут мы пераходзім да чалавека, які сваім лёсам перасцерагае ад «таннага, дакучлівага аптымізму».
Парадокс Стокдэйла. Аўтар гэтага парадоксу, адмірал Джэймс Бонд Стокдэйл, правёў у палоне восем гадоў падчас вайны ў В'етнаме. Яго доўга трымалі ў цеснай адзіночнай камеры, правялі больш за 20 актаў катавання. Ён прыдумляў прыёмы, якія дапамагалі людзям пераносіць катаванні (ніхто не можа супраціўляцца катаванню бясконца, таму ён распрацаваў пакрокавую сістэму — пасля n-най колькасці хвілін расказваеце крыху, потым яшчэ крыху; так у чалавека з'яўляюцца арыентыры, за якія ён чапляецца, і гэта дапамагае пераносіць боль).
Калі Стакдэйл вярнуўся ў ЗША, яго спыталі: хто не выжываў у палоне? І ён адказаў: аптымісты.
Яны верылі, што іх вызваляць да Калядаў, але Каляды праходзілі, і Вялікдзень праходзіў, і Тройца. Калі яны нарэшце глядзелі суровай праўдзе ў твар, то не маглі перажыць гэтага і гінулі.
Парадокс Стокдэйла заключаецца ў тым, што:
1. Нельга губляць веру ў тое, што ты пераможаш. Нельга сумнявацца ў сваёй перамозе.
2. Але пры гэтым трэба разумець рэальную абстаноўку і глядзець праўдзе ў твар, якой бы жорсткай яна ні была.
У кароткатэрміновай перспектыве аптымізм дазваляе выжыць, але ў доўгатэрміновай аптымісту давядзецца сутыкнуцца з рэальнасцю, якую ён не зможа прыняць.
Па прыняцці гэтага парадоксу трэба скласці план дзеянняў і разбіць яго на дробныя крокі, якія не будуць здавацца страшнымі ці складанымі — і паслядоўна рухацца ад аднаго кроку да другога, да мэты. Узнагароджваючы сябе за ўпартую працу.
«Вось адзін вельмі важны ўрок: ніколі не блытайце веру ў тое, што вы пераможаце (а вы не можаце дазволіць сабе страціць гэтую веру), з суровай неабходнасцю цвяроза глядзець фактам у твар, як бы жудасныя яны ні былі» — сказаў ён у адным з інтэрв'ю. Трэба дастаткова сіл і мужнасці, каб цвяроза паглядзець у вочы праўдзе, не скамянець ад яе, як ад Медузы Гаргоны, і ісці далей праз пекла.
На заканчэнне прывяду словы ротмістра Вітальда Пілецкага, чалавека, які дабарахвотна здаўся ў Асвенцым, прайшоў праз яго, трапіў у савецкія катавальныя засценкі, быў закатаваны насмерць і пахаваны недзе на сметніку ля Варшаўскіх Павонзак: «Толькі праўда з'яўляецца цікавай».