Кітай як парасон і гарант незалежнасці Беларусі, перамога Украіны як магчымасць на захаванне незалежнасці. А што калі мы — сам насам са сваёй незалежнасцю? KYKY праглядае разам з палітолагам Ігарам Тышкевічам злітыя планы Расеі наконт паглынання Беларусі. Разам сумняваемся, пужаемся, аналізуем і можа трохі спекулюем (усё тое, што вам падабаецца).
Што адбылося, коратка:
Журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакумента, у якім гаворыцца, што расейскія ўлады збіраюцца «далучыць» Беларусь да Расеі з 2030 года.
Група расследавальнікаў, у якой былі прадстаўнікі «Беларускага расследавальніцкага цэнтра», вывучыла зліты дакумент. Ён датаваны 2021 годам, сярод асноўных пунктаў:
• Стварэнне прарасейскай эліты ва ўсіх сферах — навуцы, бізнэсе, НКА, СМІ.
• Уніфікацыя законаў (у тым ліку правядзенне канстытуцыйнага рэферэндуму згодна з расейскімі інтарэсамі).
• Увядзенне адзінай валюты для дзвюх краін.
• Пасіленне вайсковай прысутнасці.
• Умацаванне ўплыву расейскай мовы як дзяржаўнай і «зацяненне» беларускай.
Еўрапейскія эксперты лічаць дакумент сапраўдным. Эксперты ISANS, у якіх мы папрасілі каментар, таксама дапускаюць, што ўсё гэта праўда. Вось што яны нам сказалі: «Мы не можам ацаніць сапраўднасць дакумента, бо пакуль не ясна яго паходжанне. Аднак усё, што ў ім выкладзена (увядзенне адзінай валюты для РБ і РФ, уніфікацыя законаў і гэтак далей) — ужо было агучана не раз, і не два. Крэмль больш за 20 гадоў хоча далучыць да сябе Беларусь, нічога новага мы не ўбачылі. Гэта звычайны казённы дакумент.
У цэлым, ён можа быць «праектам» (назавём гэта так), напісаным кімсьці з акружэння АП, чаму не. Альбо, гэта чарговая ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя) пра «адарваць Лукашэнку ад Пуціна». Але ў гэтым выпадку праект наіўны — наўрад ці Лукашэнка пра гэта не ведае. Да таго ж, ён ужо нічога не можа з гэтым зрабіць: не можа не пускаць войскі РФ у краіну, і не зможа не пусціць іх праз мяжу з Украінай.
Трэцяя версія — праект сапраўды можа з'яўляцца адным з працоўных дакументаў 2021 года (яшчэ ў 2019-м iSANS публікаваў даклад «Паўзучы наступ Расіі на суверэнітэт Беларусі». Акрамя іншага, у ім гаварылася: «Наступ набыў характар «гібрыднай» вайны». Менавіта такі, а не сілавы сцэнар паглынання Беларусі Расіяй уяўляецца найбольш верагодным» — прым. KYKY)».
KYKY: Калі наратыў не першай свежасці, ці варта беларусам перажываць з-за гэтага дакумента?
«Калі нехта не заўважыў, усё, што апісана ў дакуменце, ужо адбываецца — вучэнні, войскі на нашай тэрыторыі, русіфікацыя адукацыі, фактычна легалізацыя сеткі расейскага ўплыву. Перажываць варта, калі дакумент сапраўдны (што вельмі верагодна). І зараз усім нам трэба працаваць над тым, каб Беларусь не стала трафеем у вайне Расіі супраць Украіны».
Далей — размова з Ігарам Тышкевічам.
Расея даўно хоча Беларусь, але ў яе няма палітычнай сілы у нашай краіне
KYKY: Мы занадта шмат чыталі планаў паглынання Беларусі, каб верыць вось у гэты. Наколькі ён больш рэальны за мінулыя?
Тышкевіч: План цалкам рэальны і апублікаваны нават не ўвесь. Але трэба разумець, што Лукашэнка — дыктатар, уладай не хоча дзяліцца ні з кім, нават з умоўным калектыўным Пуціным. Што хоча Пуцін — зразумела і выказана. Ідзе стратэгічная гульня. У любога апанента таксама ёсць план.
KYKY: Гэты расейскі план выпрацаваны да 2020 года, ці пасля?
Тышкевіч: Нашмат раней. Напрыканцы 2019 года ў Беларусі склалася небяспечная для Расеі сітуацыя. Унутры Беларусі ўзнік кансэнсус па пытанні незалежнасці. Нават Павал Севярынец казаў, што ў абароне суверэнітэту месцамі выступае разам з беларускай уладай.
KYKY: Лукашэнка тады называлі, здаецца, гарантам незалежнасці.
Тышкевіч: Так. Адпаведная задача Расеі нумар адзін — парушыць такі кансэнсус. Аслабіць ключавыя палітычныя сілы ў краіне. І ўвесці тыя самыя дарожныя карты, якія прывязваюць Беларусь да Расеі. Усё гэта адбылося. Для Крэмля Лукашэнка — прадказальны звыклы партнёр, але безальтэрнатыўны. У Масквы пакуль што няма ў Беларусі легальных палітычных сілаў, каб гуляць больш адкрыта. Такі наступны важны этап: стварыць такія палітычныя сілы.
KYKY: Былі сілы, якія давалі сігналы Крэмлю, маўляў, «можам мы».
Тышкевіч: Сігналы Крэмлю і свае сілы — гэта рознае. Чаму анэксія Крыму адбылася лёгка і хутка, а Данбас збіраюць з вялікімі праблемамі? У Крыму дзейнічалі некалькі партый так званага «Рускага блока». Яны былі маргінальнымі, так. Але мелі кантакты з мясцовай палітычнай элітай і Расея ведала, з каго фармаваць часовую адміністрацыю, каго ізаляваць, а каго можна купіць.
KYKY: Ну, і як у нас з’явіцца прарасійскі блок ва ўладзе (партыя?), калі гэта поле ўлада адразу зачышчае? І парламент не мае ніякага ўплыву на сапраўдную палітыку.
Тышкевіч: Беларусь падыходзіла да рэфармавання палітычнай сістэмы ў любым выпадку. Палітычны крызіс 2020 года паказаў гэта. Лукашэнка загаварыў пра змены ў Кастытуцыю раней за 2020 год, ён усе разумеў.
А Расее патрэбна было, каб беларускае грамадства было расколата ўсе адно па якім прынцыпу. Калі дзве групы не могуць дамовіцца паміж сабою, нават маленькая арганізаваная група (вядома прарасійская) выконвае ролю залатой акцыі, ці ў парламенце, ці ў ідэалогіі.
KYKY: Здаецца, у 2018 годзе не было расколата нашае грамадства.
Тышкевіч: Каштоўнасны раскол пачынаўся менавіта тады. Раскол магчыма стварыць. Расійскія медыя працавалі на гэта. Зараз уявіць, што прыхільнікам Лукашэнкі і Тіханоўскай трэба сесці і дамаўляцца як жыць у адной краіне — і тыя, і другія скажуць: хай другі бок просіць прабачэння. Тупік.
KYKY: Гэта расійская стаўка на дзеючую ўладу, вельмі банальная стаўка, дарэчы. Дзе тут пра стратэгію?
Тышкевіч: Добра, дададзім прывязку эканомікі да расійскай за кошт санкцыйных пакетаў. Калі ты дэмакрат і ліберал, а ў цябе больш за 60% таваразварота з адной краінай, ты вымушаны з ёй дамаўляцца.
Зноў жа, шмат хто быў дарма рады закрыццю заходніх танных рэсурсаў. Бо тым часам Расея актыўна рэфінансуе свае праблемныя беларускія крэдыты, але з вельмі спецыфічнымі ўмовамі. Ільготны перыяд выплат сканчваецца ў 2024-м. У 2025-27-м будуць першыя тлустыя выплаты. А, напрыклад, ва ўмовах крэдыту на будаўніцтва АЭС, у крэдытах Цэнтрабанка Расеі, есць пункт — калі адбудзецца пратэрміноўка — усплывае патрабаванне выплаты адразу ўсяго. Незалежна хто перамагае ў 2025-м, ён сутыкаецца з рахункам з Масквы і будзе размаўляць з такой вымушана слабай пазіцыі.
KYKY: Нафіга такая складаная ўдаўка, калі можна зрабіць прасцей і выставіць рахунак сёння?
Тышкевіч: Нічога не спрацуе, пакуль не будзе сваёй палітычнай структуры ў краіне, ці экасістэмы, калі ты разумееш, з кім можаш працаваць і будаваць піраміду ўлады.
KYKY: Але ж прадухіліць стварэнне такой палітычнай структуры для Мінска — няма праблемы.
Тышкевіч: Гэта сапраўды проста нейтралізаваць ва ўстойлівай сітуацыі. А калі такая залежнасць ад партнёра і тут вайна, эканоміка санкцыі, ты вельмі абмежаваны ў рашучых дзеяннях. Ты можаш працягнуць прапанаваць маленькія саступкі — гэта ўсе. Так было апошнія некалькі год, калі ўлады саступалі. Цяпер будзе іншы ціск.
KYKY: Гэта мы таксама праходзілі. Расея некалікі разоў нібыта заганяла Мінск у кут, а ён выслізгваў.
Тышкевіч: Адпаведна, а навошта рызыкаваць так наступным разам, калі можна падысці сістэмна. І, на жаль для нас, Расея падыходзіць сістэмна. На шчасце для нас, у Расеі не хапіла вытрымкі і яны палезлі ва Украіну з вайной.
KYKY: А інакш?
Тышкевіч: Ва Украіне на пачатак вайны быў парушаны алігархічны кансэнсус (не кантралявалі парламент), рэйтынг Зяленскага падаў і быў менш за 25%. Рэйтынгі ўмоўна прарасійскіх сілаў раслі. Раскол у грамадстве быў каласальны. Каб Расея згуляла з Украінай умоўна ў «беларускую партыю», — пачакаўшы няшмат часу, яны самі….
KYKY: Толькі Украіна ішла на Захад, і вельмі дынамічна.
Тышкевіч: Украіна б не паскорыла сваю інтэграцыю з Захадам, нягледзячы на рыторыку. Было вельмі шмат праблем: карупцыя, непаслядоўнасць, адсутнасць патрэбных змен у заканадаўстве. Зараз сапраўды Украіна зрабіла тыя крокі, але гэта вайна.
Што будзе з Беларуссю, калі вайна скончыцца — і пры чым тут Кітай
KYKY: Як можна ўтварыць нешта прарасійскае там, дзе ўлады самі гуляюць у прарасійскае дно?
Тышкевіч: Сапраўды, Лукашэнка спрабуе нейтралізаваць пагрозу, маўляў мы самі такія. Яшчэ больш прарасійскіх быць не можа. Але пачакаем, Расея будзе браць сваё.
KYKY: Хто персанальна можа быць гульцом?
Тышкевіч: Абсалютна новыя людзі. Узгадайце нават выбары 2020 года — усе яны былі новымі ў палітыцы.
Стварыць медыйную асобу не праблема, галоўнае каб яе ў Беларусі не пасадзілі адразу. Такая партыя можа казаць: мы за ліберальную эканоміку, але за дружбу з Расіей.
KYKY: План на 70-80% рэалізаваны. Засталіся 20% — гэта да 2025 года можа адбыцца?
Тышкевіч: Не, гэта пасля 2025 года. Каб дадаваць легітымнасць працэсам ты мусіць прывязвацца да фармальных палітычных крокаў. Вось паглядзім, ці будзе прарасійская партыя створана да парламенцкіх выбараў 2024 года.
KYKY: А калі кандыдат на прэзідэнцкія выбары?
Тышкевіч: Пытанне альбо напалохаць Лукашэнка, альбо спрацаваць з ягоным атачэннем і знайсці там кандыдата. Гэта цікава, але занадта хутка. Праз народныя хваляванні меньш верагодна. У любым выпадку крэдытныя лавушкі больш важны.
Яшчэ звярну ўвагу на адукацію, пра якую мы не думаем. Расея ставіць на выцягненне мазгоў. Гэта нармальная дэмаграфічная палітыка, патрэбныя адукаваныя людзі, якія не складаюць праблема з прычыны сваей нацыянальнасці. Беларусы цудоўна падыходзяць.
Калі ты не можаш асіміляваць дарослага чалавека (максімум інтэграваць у прастранства) ніхто не замінае выхаваць не дарослага. Калі чалавек атрымаў адукацыю, калі прайшоў сацыялізацію ў расійскіх ВНУ, яго падабанні будуць звязаныя з Расіей. Частка застаецца ўнутры Расеі, хай працуюць, яны разумныя, частка вернецца ў Беларусь з адпаведнай арыентацыяй.
KYKY: А пры чым тут Кітай, чаму Расея хвалюецца, што ён можа нашкодзіць? Кітай можа не даць нас праглынуць? Гэта парасон?
Тышкевіч: У картокатэміновай перспектыве Кітай ключавы балансір. У Kітая ёсць цікавая внешнепалітычная канцэпцыя: «маленькі сябра вялікага сябра». Калі гэта краіна працуе з вялікай па памеры дзяржавай, Кітай шукае меншага суседа, з якім пачынае развіваць адносіны апераджальнымі тэмпамі. Кітай спачатку выбраў Украіну, але эліты кінулі на вялікія грошы. Цяпер гэта Беларусь. Кітай штучна падвысіў узровень адносін з Беларуссю на прыступку вышэй, чым з Расіей.
KYKY: Як гэта ўсе будзе? Як Расея нас з’есць (калі будзе магчымасць)
Тышкевіч: Не ведаю. Вайна ва Украіне — вельмі моцны чыннік. Калі Украіна не церпіць паразу, Расею чакае ўнутраны крызіс. А для нас адбудзецца дрэйф з зоны ўплыву Расеі.
KYKY: Беларусь у прайгранай вайне будзе ні пры чым?
Тышкевіч: Лукашэнка можа выкарыстаць тэзіс, што ён быў акупаваны, ці арыштаваць у апошнія пяць хвілін некалькі расійскіх генералаў — там шмат варыянтаў. Зноў жа, застаецца Кітай.
KYKY: А калі ўсе будзе ідэальна для Расеі, што тады будзе з намі?
Тышкевіч: Лёгкі дварцовы пераварот, народнае лікаванне з рэферэндумам і інтэграцыя ў Расію.
KYKY: Улады так перапісалі Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс, што немагчыма на выбарах нічога. Усе думаюць, што яны напужаны мінулымі выбарамі, а гэта што — абарона ад Расеі?
Тышкевіч: Расея цісне на сваё. Таму партыйную сыстэму ў новую Канстытуцыю ўпісалі ў апошні момант. Але паўнамоцтвы парламенту — ня тое, што хацеў Крэмль. Расея была занятая атакай на Украіну, і ў Беларусі спакойна, без расійскага ўмяшальніцтва правялі так званы рэфэрэндум. Дарэчы, каб Украіна капітулявала, Лукашэнка мог бы радавацца — усіх абхітрыў. Бо Масква ды Кіеў занялісь бы сваім, а Менск застаўся бы «на палях».