«Люблю Беларусь – то узаемна!» Топ-10 тавараў на мове, якімі мы ганарымся

Места • редакция KYKY

Дзень беларускай мовы рэдакцыя KYKY вырашыла адзначыць спісам падарункаў, якія можна набыць альбо для сябе, альбо для іншаземных сябраў. Канешне, гэта топ складаецца толькі з тых рэчаў і тавараў брэндаў, якія шануюць родную мову.

Гадзіннікі «Луч» з калекцыі «Мова»

Мінскі і некалі лепшы ў СССР завод гадзіннікаў «Луч» выдаў чарговую лімітаваную калекцыю да тыдня роднай мовы. Цыферблат з сапфіравым шклом, на якім пяшчотна выведзены нацыянальныя [дз '] і [дж], працягвае серыю гадзіннікаў з асаблівасцямі беларускай мовы. Памятаете мадэлі з літарай Ў? А новых экзэмплярах самае патаемнае стваральнікі схавалі на вечку механізма. Там надрукаваны заклік пісьменніка-дэмакрата Францішака Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі». Усё ў гэтых гадзінніках добра, акрамя іх колькасці: іх усяго 400 адзінак, 200 для жанчын і столькі ж для мужчын. Так што прыйдзецца спяшацца.

Кніга для дзяцей (і дарослых) «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа»

Канешне, вы можаце набыць кнігі сваіх сучаснікаў – на шчасце сённяшняя Беларусь даволі багатая на таленавітых пісьменнікаў. Але ж гэта ўжо ішная гаворка і тэма для асобнага артыкула. Як падарунак для дзяцей і дарослых (альбо для сваіх дзяцей і сяброў) вы можаце набыць кнігу «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа». Гэта 110 старонак з 60 малюнкамі, казкамі, вершамі і нават гульнямі. Да таго ж кнігу пра беларускіх мастакоў напісалі беларускія пісьменнікі, і зрабілі гэта з вялікай любоўю. Тыраж не шматмільённы, так што спяшайцеся ў Акадэмкнігу ці Галерэю Ў. Дарэчы, мы друкавалі частку кніжкі – тую, што пра Хаіма Суціна. 

Журавіна ў цукровай пудры «Пацалункі падарункі»

«Набываючы гэты прадукт, вы дапамагаеце зберагчы скарбы беларускай прыроды», – упэўненыя беларусы, якія жывуць у Глыбокім і сваімі рукамі збіраюць журавіны. Гэта не проста дзівосны падарунак, якому відавочна будзе рад нават ваш сябар, які вымушаны каратаць зіму на Кіпры. Журавіны – нацыянальны суперфуд, у якім вельмі шмат вітамінаў. Праўда, у спалучэнні з цукровай пудрай і бульбяным крухмалам яго карысць трохі губляецца, затое смачна. На шчасце беларусам, агенцтва Fabula Branding (тое самае, якое робіць прыгожыя дызайны для патрыятычных тавараў) задызайніла для журавінаў стылёвы бела-чырвоны брэндынг з назвай «пацалункі падарункі». Цяпер купляць іх стала яшчэ больш прыемна.

Світшоты «Каханне не атрута», «Я тру, ты трэш» ад Tikota Unique 

 

Каця Цікота – гэта ўвогуле прыклад селф-мэйд вумэн. Калі некалькі гадоў назад мы здымалі Кацю для нашай афішы, яна яшчэ толькі пачынала дызайнерскі шлях. А цяпер стала адной з самых цытуемых персон у беларускім fashion-свеце. Яна выпускае калекцыі сукенак для цяжарных, робіць вопратку для людзей з інваліднасцю, ды паспявае выдумваць новыя надпісы для цішотак. «Я тру, ты трэш», «Ці ты котка», «Каханне не атрута», і наш любімы – «Гары справай, гавары праўдай, маўчы сярод ідыётаў». Час ад часу з такімі прынтамі брэнд выпускае і світшоты, але, здаецца, разлятаюцца яны хутчэй за першыя трускаўкі на Камароўцы.

Чыпсы з цыбуляй ад «Онега»

Кампанія «Онега» была адной з першых, хто вырашыў рабіць маркетынг на мове і выпусціць прадукт без рускіх літар на ўпакоўцы. Але першы раз, як гэта часта бывае, апынуўся міні-скандалам. Замест чыпсаў з «цыбулей» з канвеера завода выйшла вялікая партыя чыпсаў з «лукам». Памылку заўважылі, калі беларусы ўжо куплялі новыя снэкі ў крамах. Кампанія за памылку выбачылась, нават сама нарабіла мемаў па гэтай тэме і ўпэўнена заявіла, што «смятаны з лукам не бывае, ёсць толькі «цыбуля». Ну і выпусціла новую партыю чыпсаў без памылак.

Дармаед и карта БНР ад LSTR 

 

Было б цяжка ўявіць гэты спіс без брэнда LSTR. Мы столькі раз выказвалі сваю павагу яго заснавальнікам, што можа падацца, быццам адпрацоўваем рэкламны кантракт (гэта не так). Пералічыць усе патрыятычныя прынты гэтага брэнда будзе вельмі складана, таму спынімся на апошніх. Напрыклад, добрым сувенірам для іншаземных саброў будзе світшот «дармаед»: вы толькі паспрабуйце патлумачыць ім, што гэта такое і чаму дзяржава збірае падатак з тых, у каго няма працы. Ідзем далей – новы і даволі актуальны прынт «Не чапай, бо лясне». Яго раім набываць для расейскіх знаёмых.

 

А яшчэ нельга не напісаць пра пасавую сумку з картай БНР – гісторыю вучыць ніколі не позна.

Беларуская манаполія

Беларуская манаполія – гульня, якую трэба купляць для замежнікаў і на прыкладзе шматлікіх картак з патрабаваннем «заплаціце падатак за паветра» тлумачыць, як дзяржава ставіцца да прыватнага бізнэсу ў нашай краіне. Гульня, верагодна, спадабаецца і беларусам, якія ледзь-ледзь ведаюць назвы гістарычных вуліц Мінска. Часта гульцам нават не важна, як хутка яны стануць банкротамі – абы хутчэй выкупіць вуліцу Зыбіцкую. І ўсё роўна, што яна амаль самая дарагая для забудовы. Увогуле, манаполія на мове – вельмі рэалістычная гульня.  

Шкарпэткі ад Mark Formelle

Яшчэ адна крутая навінка ад беларускай кампаніі. Mark Formelle у прынцыпе перманентна выпускае патрыятычныя шкарпэткі – то з «дранікамі», то з вышыванкай. На гэты раз калекцыя выйшла з беларускімі літарамі і словазлучэннямі «жы» і «шы», «дж» і «дз», «ў» і «і» пад эгідай «Мова – гэтя стылёва». Дарэчы лукбук калекцыі здымалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ў ролі мадэляў былі сапраўдныя бібліятэкары. Што таксама вельмі патрыятычна. Кампанія настойліва звяртае ўвагу, што гэтыя шкарпэткі могуць насіць абсалютна ўсе, хто любіць беларускую мову. І не важна, размаўляе чалавек на ёй, ці не.

Шляхецкае мыла Karalі

Брэнд Karali прыдумала шлюбная пара, якая некалькі гадоў жыла ў Польшчы і ЗША, а потым вярнулася на радзіму, каб рабіць круты прадукт у сваёй краіне. Розныя віды гэтага мыла называюцца радкамі з вершаў Багдановіча і любымі іншымі беларускімі асацыяцыямі. Хочаце – вось «Панна Нясвiжа» з маслам шы і маслам авакада, або «Зорка Венера» з маслам манга. Усё гэта натуральна і зроблена рукамі. Ну што, можа крыху «Вiленскага Барока»?

Цішоткі «Люблю Беларусь – то ўзаемна» ад Symbal.by

Калі вам трэба адшукаць класічныя сувеніры для сяброў і сям’і, але вы не хочаце набываць кукал з саломы і кнігі Чаргінца – вам у Symbal.by. Світшоты, посуд, розныя дробязі для дома з беларускімі матывамі і надпісамі тут з’явіліся яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Дарэчы, беларускія кнігі тут таксама ёсць. Але калі вы хочаце набыць штосьці з адзення – звярніце ўвагу на гэтыя цішоткі з мілымі кожнаму патрыёту словамі. Калі не ведаеце, адкуль яны – будзе новая нагода пацікавіцца гісторыяй.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«В обиходе я до сих пор «москаль», но дальше обычно следует «но нормальный». 100 наблюдений небеларуса о Минске

Места • Дмитрий Геранин

СЕО автомобильного классифайда av.by Дмитрий Геранин прожил в Минске два года. До этого он жил в Москве и работал в «Рамблере» и «Яндексе» – а теперь в честь годовщины переезда снова составил список фактов о Беларуси. И в отличие от итогов его первого года, теперь фактов – сто.