Беларускі Telegram ажывае – ў ім з'яўляюцца аўтары, якія выказваюцца пра палітыку, кіно і нават пра гісторыю і урбаністыку. Аўтар канала akvieduk напісаў пра тое, што гісторыя імперскага Парыжа і савецкага Мінска куды болей падобны, чым нам падаецца. А значыць і Мінск можа забыць свае ГУЛАГскія і сталінскія часы і зажыць новым жыццём. Праўда, пачаць, як заўсёды, прыдзецца з сябе.
Апошнія стагоддзі сярод еўрапейскіх сталіцаў назіраецца любоў да татальнай перабудовы. Лондан, Берлін, Вена, Парыж, Масква, Бухарэст, Менск – гарады перабудоўваліся з розных прычынаў. Кожная перабудова стварыла новыя вобразы, якія перавызначылі адчуванне горада. Часта лічаць, што стварэнне новага Менска ў пасляваенныя гады назаўсёды дала гораду чорную метку таталітарызма – сталінская эпоха цалкам змяніла Менск, з усёй пампезнасцю і неакласіцызмам. Але я нязгодны, што Менску наканавана жыць з рэпутацыяй горада савецкага і постімперскага. Давайце разбярэм, як горад можа стварыць новы міф пра сябе.
У свеце хапае прыкладаў таго, як вобраз сцюдзёнага і таталітарнага гораду змяняўся да непазнавальнасці ўсяго за пару дзясяткаў гадоў. Адзін з такіх прыкладаў – Парыж. Як Парыж? Дзе там таталітарныя сляды? Дзе ціск? Але калі зірнуць у гісторыю, калі пачытаць артыкулы і эсэ, бачна, што ён быў імперскім горадам і так успрымаўся. Той Парыж, які мы ведаем сёння, з ягонымі шызымі мансардамі, каванымі балконамі, бульварамі і авэню, склаўся ў час ІІ Імперыі. Напалеон ІІІ прагнуў перакраіць горад, зменшыць барыкадны патэнцыял, павялічыць парадны патэнцыял, знішчыць антысанітарыю ў цэнтры і зрабіць Парыж вялікім, ззяючым і ўражвальным. Для гэтага ён дваццаць гадоў супрацоўнічаў з Жоржам-Эжэнам Османам. Ён і спраўдзіў мары імператара пра татальную перабудову горада. Вынік быў наступным:
1. Знішчана ўся забудова старога гораду (акрамя пары кварталаў).
2. 60% усяго Парыжу забудавана новымі тыпавымі і пампезнымі па тым часе будынкамі, па якіх мы цяпер і пазнаем гэты горад. Гэта адзін з ранніх прыкладаў таго, як вялізныя тэрыторыі забудоўваюцца тыпавымі праектамі. Але замест тыпавых мікрараёнаў другой паловы дваццатага стагоддзя, з якімі мы так знаёмыя, Парыж не пазбавіўся квартальнай сістэмы, а значыць, і жывых вуліцаў.
3. Распаўсюдзілася каналізацыя і паменьшылася антысанітарыя.
4. Пракладзеныя асноўныя магістралі і осі гораду.
Як толькі другая імперыя пала і аднавіўся дэмакратычны рэжым, на Османа палілася няспынная лаянка. Ягоны Парыж быў прызнаны прыціскальным, кітчавым, бязлітасным і жахлівым. Пэўны час увесь асманізаваны горад нагадваў жыхарам новай рэспублікі пра імперыю, у якой яны паспелі расчаравацца. Людзі былі адначасова ўражаныя і прыгнечаныя маштабамі гэтай перабудовы, якая заняла дваццаць гадоў. Перад тым, як мы пярыйдзем да таго, як Парыж ператварыўся з гораду імперскіх успамінаў у той горад свабоды, любові і мастацтва, які мы ведаем сёння – вернемся ў нашыя шыроты.
Зірніце зноўку на вышэйпрыведзеныя чатыры пункты і замяніце «Парыж» на «Менск». Усе чатыры пункты будуць цалкам справядлівыя ў дачыненні да Менска сярэдзіны дваццатага стагоддзя. Менавіта ў гэты час беларуская сталіца атрымала той нэакласічны выгляд з цэльным ансамблем, чым Менск і адрозніваецца сёння ад іншых еўрапейскіх сталіцаў. I сёння ў нас засталася цвёрдая асацыяцыя гэтай архітэктуры са сталінскай эпохай – у той час, як аналагічна перабудаваны ў часы Напалеона ІІІ-га горад даўным даўно не асацыюецца ні з ім, ні з ягоным выканаўцам Османам. Але як Парыж пазбавіўся цяжкіх успамінаў і пабудаваў над сеткай сваіх вуліц новы міф пра сябе?
З большага, гэтым Парыж абавязаны культуры, як элітарнай, так і масавай. У постімперскі час (які цяпер прынята называць «прыўкрасная эпоха») горад, і галоўным чынам ягонае неасманізаванае прадмесце Манмартр, запоўнілі мастакі, пісьменнікі і творцы ўсіх кшталтаў, бо ў Парыжы для іх было шмат магчымасцяў і свабодаў. Яны былі аднымі з тых, хто замацаваў вобраз новага гараджаніна. Вобраз фланёра, які без мэты блукае ўвечары па бульварах. Вобраз буржуа, які сядзіць на тэрасе кавярні з кубачкам і газетай. Вобраз дамы, якая спяшаецца на чарговы свецкі раўт. Новая культура гарадскога жыцця, якая стваралася ў той час, была ўжо ўпісаная ў горад, які стварылі Осман і Напалеон ІІІ. Мастацкія творы, якія ўсхвалялі новага гараджаніна як персанажа, былі таксама ўпісаныя ў новы Парыж.
Культурнае жыццё віравала, палітычнае не адставала ад яго, а імператар сыходзіў з памяці парыжан. Ствараліся новыя мегаламанскія і неадназначныя праекты кшталту Эйфілевай вежы. Iншыя еўрапейскія сталіцы, у якіх панавала манархія, спрабавалі паўтарыць твор Османа (Мадрыд, Вена). У Францыі ж квітнела рэспубліка, а Парыж яшчэ не перадаў свой лаўровы вянок Нью-Ёрку.
А што можа зрабіць Менск сёння, праз 30 гадоў пасля падзення імперыі і праз 70 гадоў пасля падзення Сталіна, каб замясціць вобраз савецкага манументальнага горада чымсьці больш прыемным і чалавечым?
1. Адмовіцца ад тэрміна «сталінскі ампір»
Ён адразу ж выклікае асацыяцыі з ГУЛАГамі, растрэламі і таталітарызмам. Нэакласічная эстэтыка пасляваеннага Менска можа пазбавіцца налёта таталітарызму, і ад гэтага будзе лепей і гараджанам, і гораду. Пры гэтым свая назва гэтай даволі ўнікальнай з'яве ў Менску патрэбная, і было б крута знайсці іншыя варыянты назвы. У Парыжы, Берліне і Кіеве адны ўспаміны і асацыяцыі перакрыліся іншымі, і тое ж самае па-добраму мусіць адбыцца і з беларускай сталіцай. Успаміны пра адзін з самых крывавых перыядаў Менску не павінны перакрываць усё астатняе, і над гэтым варта працаваць.
2. Стварыць свой гарадскі міф
Не сярэднявечны міф, а паўнавартасны вобраз горада, у якім ёсць месца кожнай частцы ягонай гісторыі. У гарадскім міфе Менска сумясіцца памяць пра падземную Нямігу, пра магістрат і магдэбурскае права, пра паўстанні і рэвалюцыі, пра падпольшчыкаў 40-х і нацыянальнае адраджэнне 90-х. Гэта будзе неверагодны кампот, які будзе адначасова аднолькавым і розным для розных людзей.
Магчыма, з часам сфарміруецца і больш сталы вобраз менчука. Фраза «увесь горад» будзе паказваць на культурную супольнасць, «Цэнтральны» працягне збіраць у сабе ўсё новыя і новыя пакаленні, а Кастрычніцкая навучыць Зыбіцкую быць больш густоўнай і душэўнай. Гарадскія актывісты будуць збіраць не толькі петыцыі ў інтэрнэце, а і мноствы гараджан у афлайне. Вобраз Менска будуць культываваць не толькі Макс Корж з Ластэндам, а і мноства іншых менскіх творцаў. Як і малыя міфы і гісторыі ўнутры горада, яго вобраз і гарадскі міф могуць быць неадназначнымі, але яны робяць горад больш жывым і напаўняюць яго новымі дэталямі, дасяжнымі для ўсіх.
3. Змяніць правілы гульні
У пэўных колах ёсць стэрэатып, быццам Менск – горад айцішнікаў. Стэрэатып неблагі, і такі імідж (па-сутнасці, яшчэ адзін міф) можа няблага пасаваць гораду. Нешта падобнае ёсць у Талліна, які за апошняе дзесяцігоддзе зрабіўся горадам высокіх тэхналогій – з электроннай бюракратыяй, мноствам офісаў айці-кампаніяў і спрыяльным асяродкам. Праграма максімум – змяніць правілы тэхналагічнай гульні ў якой-небудзь (хай і малой) сферы. Ці пайсці з іншага боку і па-ціхаму зладзіць мастацкую рэвалюцыю. Вопыт іншых гарадоў падказвае, што гэта моцна дапамагае стварэнню міфа пра горад.
4. Захапляцца сабой
Гараджанам можа многае не падабацца ў іх горадзе. Але калі ў горадзе будуць рэчы, якімі ўніверсальна захапляюцца амаль усе – гэта дапаможа стварэнню гарадской супольнасці і пабудове новых слаёў гарадской памяці, як і гарадской міфалогіі. Адчуванне гараджанамі сувязі са сваім раёнам і са сваім горадам мае вялізнае значэнне ў жывасці горада і тым, што ў ім адбываецца.
Гісторыя паказвае, што імперыі імкнуцца падкрэсліць сваю веліч і ў гарадах, якія яны ствараюць. Але пасля падзення імперый гараджане могуць зрабіць многае дзеля таго, каб скарыстацца імперскімі дасягненнямі на сваю карысць. I ў Менчукоў для гэтага ёсць усё.